Ліквідацыя сяброўскіх арганізацый “РАДА”

Ліквідацыя сяброўскіх арганізацый “РАДА”

23 ліпеня прадстаўнікі дзясяткаў некамерцыйных арганізацый даведаліся, што іх установы фактычна ліквідаваныя. За тыдзень да гэтага ў офісах арганізацый прайшлі ператрусы, а ўлады некалькі разоў пагражалі, што “грамадзянская супольнасць перастане існаваць”.

Распавядзем, што адбываецца з сяброўскімі арганізацыямі “РАДА”.

Мінюст падаў у Вярхоўны суд іскавую заяву аб ліквідацыі ГА «Экадом».

У чым на думку Мінюста былі парушэнні, якія паслужылі падставай для папярэджання?

Мінюст палічыў, што Экадом не прадставіў дакументы адносна ўласніка памяшкання, якія пацвярджаюць права на размяшчэнне па юр.адрасе, аднак у Мінюст быў прадстаўлены дагавор бязвыплатнага карыстання і акт прыёмкі-перадачы памяшкання, пры тым, што ў сваім запыце Мінюст першапачаткова прасіў дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць юр.адраса, не ўдакладняючы, якія менавіта дакументы ім неабходныя. Таксама ў 2017 годзе Экадомам уносіліся змены ў Статут, адносна змены юр.адрасы ў Мінюсце, дзе ўсе дакументы ў поўным аб’ёме былі прадстаўлены.

На думку Мінюста Экадом не прадставіў спіс сяброў у поўным аб’ёме, а менавіта яны прасілі даць ім усю асабістую інфармацыю кожнага сябра аб’яднання (месца жыхарства, месца працы, дата нараджэння, кантактныя тэлефоны і асабістыя подпісы). Пры гэтым заканадаўства і Статут ГА “Экадом” не прадугледжвае патрабаванні да фармату спісаў сяброў грамадскага аб’яднання.

Таксама ў лісце Мінюст паказаў, што падчас маніторынгу сайта было ўстаноўлена, што ГА ” Экадом “ажыццяўляе ўзаемадзеянне з такімі арганізацыямі, як Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”, Асамблея НДА, Беларуская Нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым, Артыкул 7 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях” частка 2 гаворыць: “Дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца”. Такім чынам, заканадаўства ўстанаўлівае забарону на дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў (іх саюзаў, асацыяцый), а не на ўзаемадзеянне з імі або з фізічнымі асобамі, якія дзейнічаюць ад асобы такіх арганізацый.

Экадом плануе абскардзіць папярэджанні.


ПОСТ быў зарэгістраваны ў 1997 годзе і за гэты час зрабіў адну з самых доўгіх праграм моладзевага абмену з Брэменам, дзякуючы якой можна было ўбачыць, як маладыя людзі праходзяць альтэрнатыўную службу ў інклюзіўных дзіцячых садках і станцыях дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю. ПОСТ арганізоўвал Мінскі ларп-фестываль, семінары па напісанні сацыяльных ларпаў, падтрымліваў тых, каму патрэбна была падтрымка і засцерагаў асабістую прастору ўсіх, каму трэба было больш паветра.

14 ліпеня прайшоў ператрус на юрыдычным адрасе арганізацыі і дома ў старшыні праўлення Соні Емяльянавай.

Ператрусы былі праведзены для ўстанаўлення датычнасці да крымінальнай справы. Была канфіскаваная асабістая тэхніка і некалькі статутных дакументаў. Пастанову на ператрус была выдадзена Следчым камітэтам.

Рахунак арганізацыі быў замарожаны ў сувязі з расследаваннем дачынення да крымінальнай справы.

16 ліпеня Упраўленне Міністэрства юстыцыі ініцыявала праверку дзейнасці арганізацыі і запытала спіс дакументаў, тэрмін прадстаўлення якіх – 23 ліпеня. Дакументы былі падрыхтаваныя і адпраўленыя ў названы тэрмін.

26 ліпеня “Пост” атрымалі ліст, адпраўлены 23 ліпеня, у якім паведамлялася, што Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама (рэгіструючы орган) падаў пазоў у Мінскі гарадскі суд аб ліквідацыі ГА “Адукацыйны цэнтр “ПОСТ”.

З раскладу на сайце Мінскага гарадскога суда стала вядома, што суд аб ліквідацыі арганізацыі прызначаны на 29 ліпеня.

За 12 дзён ПОСТ зрабіў шлях да арганізацыі, якая ў хуткім часе хутчэй за ўсё будзе ліквідаваная. 


Па прадстаўленні пракуратуры Брэста 8 ліпеня стала вядома, што за парушэнні  ліквідуеца АРР “Дзедзіч”.

Прычынай для ліквідацыі стала дзейнасць, якая не адпавядае статуту – “замест аказання інфармацыйна-кансалтынгавых паслуг у галіне культуры арганізоўвала конкурсы мастацкіх твораў і трансляцыю ў сацыяльных сетках ролікаў, якія прапагандуюць фарміраванне ў грамадзян станоўчае стаўленне да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў”.

За 21 год працы “Дзедзіч” рэалізаваў больш за 150 адукацыйных, асветніцкіх, экалагічных праектаў і праграм. Арганізацыя заахвочвае берасцейцаў быць актыўнымі і неабыякавымі гараджанамі, прыдумваць цікавыя ідэі і рэалізоўваць іх, каб Брэст станавіўся больш прыгожым, утульным і зручным для жыцця.


“Трэці сектар” на аснове беларускіх нацыянальных каштоўнасцей развівае грамадскую актыўнасць сярод розных колаў насельніцтва шляхам інфармацыйнай і адукацыйна-асветніцкай падтрымкі дэмакратычных грамадскіх ініцыятываў.

Асноўныя кірункі дзейнасці арганізацыі:

  • Інфармацыйная падтрымка грамадскіх ініцыятыў
  • Медыяадукацыя («Школа маладога журналіста», «Школа медыяменеджмента», «Школа PR і медыякампетэнцый», Фестывалі журналістыкі, навучальныя візіты і абмены).
  • Універсітэт Залатога Веку: інтэлектуальная, сацыяльная і фізічная актывізацыя сталых людзей.
  • Развіццё мясцовых супольнасцей і сацыяльнай анімацыі (“Адкрытая школа мясцовай супольнасці” – трэнінгі і навучальныя візіты для грамадскіх актывістаў з розных гарадоў і мястэчак Беларусі, “Акадэмія рэгіянальнага развіцця“, дапаможнік “Сацыяльны аніматар”, праграма па актывізацыі моладзі HrodnaYouthHub, дапамога ў стварэнні мясцовых сайтаў,  валанцёрская праца і г.д.).
  • Культура і спадчына (выданне літаратуры (“Песьня пра Зубра”, “Легенды і міфы”: ад Нёмана да Буга”, “Традыцыйная кухня Беласточчыны і Гарадзеншчыны”), міжнародныя культурніцкія праекты, праекты па захаванні і папулярызацыі гістарычнай спадчыны Гарадзеншчыны  (“Постаці“, “Новы свет”).
  • Развіццё транспамежнага супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі (Форум НГА Еўрарэгіёна “Нёман”, ПоЛіБелКа (2003, 2006, 2010), міжнародныя моладзевыя летнікі, абмен валантэрамі і г.д.), удзел у працы Усходнееўрапейскай сеткі па грамадзянскай адукацыі (EENCE).
  • Умацаванне патэнцыялу грамадскіх ініцыятываў ( навучальныя візіты, трэнінгі, кансультацыі па планаванні дзейнасці арганізацыі, сувязях з грамадскасцю, распрацоўцы праектаў, арганізацыйным развіцці, распрацоўцы навучальных праграм, выкарыстанні новых медыяў і г.д.).

14 ліпеня ў офісе арганізацыі, як і ў офісах яшчэ пары дзясяткаў арганізацый, адбыўся вобшук у межах крымінальнай справы ч.1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».


14 ліпеня сілавікі прыходзілі з вобшукам у некамерцыйную ўстанову “Офіс дапамогі і падтрымкі занятасці моладзі “ЮларКансалт” (прым. Youth Labor Rights). А 23 ліпеня стала вядома, што ўстанова апынулася сярод тых, каго па рашэнні Мінгарвыканкама лішаюць рэгістрацыі (рашэнне ад 19.07).


EUROPEAN YOUTH PARLIAMENT

EYP прысутнічае ў 40 еўрапейскіх краінах з удзелам каля 35000 удзельні_ц – гэта найбуйнейшая еўрапейская платформа для адукацыі, дэбатаў і абмену ідэямі сярод моладзі. EYP Беларусь з’яўляецца часткай міжнароднай сеткі, якая арганізуе мерапрыемствы з 2000 года. Еўрапейскі моладзевы парламент ствараецца моладдзю для моладзі на добраахвотнай аснове і не мае палітычнага мандата.

17 чэрвеня 2020 года EYP былі афіцыйна зарэгістраваны як сацыяльна-культурная ўстанова “Цэнтр арганізацыі мерапрыемстваў для развіцця культурнага ўзаемаразумення моладзі “Івайпі-бай”. А 23 ліпеня ўстанова апынулася сярод тых, каго вырашылі ліквідаваць.


Першае мерапрыемства “Жывой Бібліятэкі” было арганізавана 11 кастрычніка 2014 года.

12 ліпеня 2017 года супольнасць атрымала рэгістрацыю ў Мінгарвыканкаме як сацыяльна-творчая ўстанова “Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка”.

Місія арганізацыі – развіццё грамадства, пабудаванага на прынцыпах роўнасці, інклюзіі, недыскрымінацыі і талерантнасці, праз эфектыўную камунікацыю паміж рознымі сацыяльнымі групамі і павелічэнне іх бачнасці.

Жывая Бібліятэка” таксама патрапіла пад хвалю ліквідацыі НКА.

“Мы больш чым установа! Мы – каманда і мы працягваем сваю працу. Наша каманда перажыла вялікую гісторыю, якую мы не плануем спыняць толькі таму, што будзем ліквідаваны як юрыдычная асоба. Працуем далей!” – піша на сваіх старонках у сац.сетках Цэнтр “Жывая Бібліятэка.


Гэта першая грамадская арганізацыя, якая атрымала рэгістрацыю Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у суверэннай гісторыі.

“Грамадзянскі форум” незалежная ліберальная моладзевая арганізацыя, у якую аб’ядноўваюцца маладыя людзі па ўсёй краіне, каб разам самарэалізоўвацца, развіваць сябе і адначасова грамадства, у якім яны жывуць.

15 ліпеня з ператрусам прыйшлі да старшынькі арганізацыі Маргарыты Савіцкай і да яе намесніка Ігара Нікіціна. У іх забралі ўсю тэхніку.


Задзіночанне — гэта кааліцыя роўных у правах універсітэцкіх аб’яднанняў, якія прадстаўлены роўнай колькасцю дэлегатаў у Нацыянальнай Студэнцкай Радзе (НСР). На дадзены момант Задзіночанне прадстаўляе 16 ВНУ Беларусі.

12 лістапада прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь пачалі праверку ў дачыненні да прыхільнікаў і прыхільніц студэнцкай арганізацыі «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў», а таксама іншых актыўных студэнтак і студэнтаў. У офісе арганізацыі, а таксама кватэрах і пакоях інтэрнатаў маладых людзей прайшлі ператрусы. У выніку ў іх канфіскавалі тэхніку: кампутары, мабільныя тэлефоны і дакументы. Агулам па гэтай справе былі затрыманы і абвінавачаны 12 чалавек: 10 студэнтак і студэнтаў, 1 выкладчыца і 1 выпускніца — сяброўка асноўнага складу Каардынацыйнага Савета.

Як судзяць студэнтаў вы можаце прачытаць у нашым артыкуле.

Таксама Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” ужо двойчы выступаў з заявамі у сувязі з крымінальным пераследам студэнцтва і палітычнымі рэпрэсіямі грамадзян Рэспублікі Беларусь (гл. 19.11.2020 і 13.05.2021).

16 ліпеня 2021 году быў вынесены прысуд па “справе студэнтаў”:

  • Ксеніі Сырамалот – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Ягору Канецкаму – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Іллі Трахтэнбергу – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Таццяне Екельчык – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Касе Будзько – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Яне Арабейка – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Вікторыі Гранкоўскай – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Анастасіі Булыбенка – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Марыі Каленік – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Алане Гебрэмарыям – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Вользе Філатчанкавай – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
  • Глебу Фіцнеру – 2 гады пазбаўлення волі.

Акрамя Глеба Фіцнера, ніхто з фігурантаў справы не прызнаў сваёй віны.


Брэсцкая моладзевая ініцыятыва “ААЗІС” – неабыякавая моладзь і студэнства горада Брэста, якія актывізуюць берасцейскую моладзь на вырашэнне ўласных праблем, а таксама праблем экалогіі и беларускай культуры праз адукацыйныя семінары, сумеснае баўленне часу з сэнсам ды іншыя культурніцкія мерампрыемствы.

Па прастаўленні Пракуратуры г. Брэста ад 23.07.2021 сацыяльна-культурную ўстанову “Брэсцкі Аазіс” таксама ліквідуюць.


Што чакаць далей? Пра гэта Зялёнаму парталу распавяла дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка.

Людзі, якія працуюць у НДА, смелыя, адданыя сваёй працы і людзям, для якіх працуюць. Таму мы працягнем сваю працу, нягледзячы на перашкоды ўладаў.

Нас не разбіць, не спыніць, не стрымаць!